Пінчукоў заклікаюць выйсці на “Марш недармаедаў”



Праз сацыяльныя сеткі і ўлёткі жыхароў Пінска заклікаюць на “Марш недармаедаў”, які запланаваны на 11 сакавіка на цэнтральнай плошчы. У звароце да пінчукоў, які падпісаны ўльтралевымі – Беларускім левым фронтам і анархістамі, – між іншага гаворыцца, каб дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад горада Ігар Колб завітаў на марш і даў публічную справаздачу.

Старшыня незарэгістраванага Беларускага левага фронту Дзмітрый Кудранок адзначае, што галоўнае не падстаўляць пад рэпрэсіі звычайных грамадзян, абараняць народных пратэстоўцаў ад пераследу, бо ў краіне кожны публічны выступ караецца:

– Заканадаўства Рэспублікі Беларусь у гэтым плане вельмі ўскладненае. Больш за тое, мы сутыкнуліся з тым, што нават законныя дзеянні грамадзян Беларусі цягнуць за сабой рэпрэсіі. І звальняць, рэпрэсаваць людзей мы больш не дадзім.

На думку грамадскага дзеяча, улада не хоча дыялогу з грамадствам, бо бачыць у гэтым небяспеку для свайго існавання. Кіраўніцтва краіны не хоча выглядаць пераможаным, таму шукае розныя шляхі выйсця з сітуацыі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск