Пінчуку пагражае да шасці гадоў зняволення за публікацыю ў тэлеграм-чаце
Жыхару Пінска пагражае да шасці гадоў зняволення за публікацыю ў тэлеграм-чаце, які ўлады прызналі экстрэмісцкім. 33-гадовага пінчука затрымалі на мінулым тыдні і на перыяд следства ўзялі пад арышт.

У тэлеграм-суполцы ён размясціў здымкі і відэа вайсковай тэхнікі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, пінчука вінавацяць у дапамозе экстрэмісцкай дзейнасці, – адзначае праваабаронца Алесь Рамановіч:
– Па афіцыйнай інфармацыі атрымліваецца, што яго затрымалі не за тое, што ён размясціў фотаздымкі ваеннай тэхнікі, а менавіта за тое, што размясціў гэта на канале, які прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. А гэта ўжо цягне на крымінальную справу. Гэта, канешне, з той інфармацыі, якая была афіцыйна.
Праваабаронца ўпэўнены, што перадусім на пінчука звярнулі ўвагу з-за месца яго публікацыі.
Беларускае Радыё Рацыя
