Піншчына рэкламуе сябе ў Польшчы
Палякі – адны з самых актыўных турыстаў, якія наведваюць Палессе. У асноўным іх прывабліваюць роварныя вандроўкі і водныя падарожжы па Прыпяці, Ясяльдзе і Гарыні. Улічваючы гэта, у апошнія два гады турыстычную інфраструктуру на Піншчыне і Століншчыне перарабляюць на густ заходніх суседзяў.
Па словах дырэктара Рэспубліканскага прыродаахоўчага заказніку “Сярэдняя Прыпяць і Простыр” Віктара Бяленкі, працэс ідзе ўзаемны. Больш за ўсё партнёрскіх стасункаў наладжана з Падляшшам і ў асаблівасці з Беластокам. У бліжэйшы час запланаваны выезд на Падляшша, каб працягнуць прасоўванне турыстычнага прадукта Піншчыны:
– Паказаць увесь турыстычны прадукт Пінскага раёна, які маем патэнцыял для развіцця і супрацы з Польшчай і Еўропай у плане актыўнага адпачынку і экалагічнага турызму. Наша вялікая перспектыва і козыр у тым, што мы маем шмат рэк, у нас шмат вады. І трэба паказаць усю прыгажосць нашых рэк, балот Палесся.
Самы цікавы праект, які паступова ажыццяўляецца, гэта стварэнне адзінага воднага турыстычнага шляху ад Піншчыны да Століншчыны на Украіну, які б можна было пераадоліць на байдарцы.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота аўтара