Пінск 1968 года
У сеціве з’явілася ўнікальная дакументальная стужка “Пінск – сталіца Палесся”, якую стварыў і агучыў першы беларускі кардынал Казімір Свёнтак. Фільм зняты паўстагоддзя таму. У ім кардынал распавядае гісторыю горада над Пінай і знаёміць гледачоў з прыродай Палесся.
Стужку адлічбаваў менскі рэжысёр Юры Гурулёў. На жаль, якасць не зусім добрая, але перадае каларыт Пінска. Трэба ўявіць, у якіх умовах кардынал рабіў здымкі і мантаж стужкі.
Барбара Шыманская, у якой кватэраваўся Свёнтак, адзначыла, што іерарх штодня вёў нататкі, а калі займаўся нейкай справай, то быў ёй апантаны:
– Ён быў вельмі камунікатыўны. Яго вельмі паважалі. Усё, што рабіў, ён запісваў. Разам абмяркоўвалі, што зрабіць і як. І калі штосьці рабілі, то яму непатрэбны былі абеды – нічога непатрэбна было: ён мусіў быць там, глядзець, як і што робіцца.
Усю фатаграфічную спадчыну Казіміра Свёнтка Барбара Шыманская перадала духавенству каталіцкага касцёла ў Беларусі.
https://www.youtube.com/watch?v=gH9yeNy2ynw
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота: скрын з відэа