Пінск: 24 чалавекі пад наглядам медыкаў з-за каронавіруса



У Пінску з-за пагрозы каронавіруса пад наглядам медыкаў знаходзіцца 24 чалавекі, усе яны на самаізаляцыі, паведамляе мясцовы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Большасць ад гэтай колькасці пінчукоў нядаўна вярнуліся з-за мяжы: 12 з Італіі, 7 з Польшчы, 1 з Нямеччыны, а таксама 4 студэнты БДУ. Ва ўсіх першыя аналізы адмоўныя.

Пінскі актывіст, сябра Руху “За Свабоду” Алесь Рамановіч падзяліўся сваім назіраннем за сітуацыяй у горадзе:

– Я заходзіў нядаўна ў краму і здаецца, усё як звычайна, натоўп людзей. Але мяне здзівіла яшчэ тое, што нават у тым аддзеле, дзе прадаюць мяса, прадаўцы без масак. Як быццам каронавіруса ў Пінску наогул няма. Грамадскі транспарт нармальна ездзіць. Людзі, канешне, цікавяцца, глядзяць навіны, гавораць пра гэта. Настрой у людзей, напэўна, як і ва ўсёй дзяржаве.

Дарэчы, ў Пінску з 23-га сакавіка будзе асобны ўваход у гарадскія паліклінікі для грамадзян з тэмпературай. Іх будуць прымаць у спецыяльна адведзеных кабінетах, каб максімальна выключыць кантакт.

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота maxim-nm.livejournal.com