Пінск: блакаванне Маршу за мір, затрыманні і экскурсія



У Пінску затрымалі, як меней 10 прыхільнікаў перамен. Сілавікі загадзя спынілі рух калоны людзей на вуліцы Першамайскай і блакавалі галоўную плошчу, каб сарваць Марш за мір. Тым не менш звыш 100 пінчукоў сабраліся побач, каля ганку Музея Беларускага Палесся. Супрацоўнік установы Валерый Кабрынец зладзіў для прысутных экскурсію па гістарычным цэнтры Пінска.

Але нават экскурсію спрабавалі разагнаць міліцыянты. Так супрацоўнік Пінскага ГАУСа Юры Куцэвіч паведаміў пра адміністрацыйную адказнасць:

– Артыкул прадугледжвае адказнасць да 30 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт. Шаноўныя грамадзяне, я вас вельмі прашу – разыходзьцеся. Калі казаць пра Канстытуцыю, то ёсць артыкул Канстытуцыі, які таксама нельга парушаць і вы, як грамадзяне, павінны выконваць заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Прысутныя ў адказ адзінагалосна адказалі:

– Мы не парушаем! Мы не парушаем! Мы не парушаем!

Экскурсія завяршылася каля пінскага касцёла, што ў 200 метрах ад цэнтральнай плошчы. Вядома, што ўжо заўтра ў Пінску адбудуцца суды над тымі, каго сілавікі затрымалі сёння.

Пінчукі збіраюцца на экскурсію каля Музея Беларускага Палесся, кошні будынак калегіуму езуітаў.

Юры Куцэвіч папярэджвае ўдзельнікаў экскурсіі нібы пра несанкцыянаванае мерапрыемства, пасля Валеры Кабрынец працяыгнуў цікавы гістарычны аповяд.

Грамадзяне праводзілі міліцыянтаў пад гучныя апладысменты і воклічы “Мы не парушаем!”

Сілавікі бяруць экскурсію ў атачэнне…

Аповяд пра тысячагадовую мінуўшчыну Пінска завершыўся каля Кафедральныага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштара францысканцаў.

Беларускае Радыё Рацыя