Пінск далучыўся да „кармлення галубоў”
У Пінску прайшла акцыя салідарнасці з берасцейскімі эка-актывістамі.
3 траўня каля 20 пінчукоў сабраліся на гарадской набярэжнай, каб выказаць падтрымку Аляксандру Кабанаву, Дзмітрыю Бекалюку і Дзмітрыю Андрасюку. Іх пакаралі 15 суткамі за ўдзел і арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства, так званага “кармлення галубоў”.
Сярод удзельнікаў пінскай акцыі быў мясцовы блогер Мікалай Клімовіч:
– Прыцягнуць увагу дзяржаўных органаў з нагоды затрымання актывістаў у Берасці, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Людзі кожную нядзелю выходзяць і “кормяць галубоў”. На колькі я ведаю, Пінск гэта трэці горад, які далучыўся да акцыі: Гародня, Баранавічы і вось Пінск. Гэта была другая нядзеля, хлопцы сказалі, што будуць збірацца кожную нядзелю.
Акцыю ў Пінску спрабавалі сарваць міліцыянты з дапамогай лекараў, якім нібыта трэба было выявіць ці няма сярод прысутных тых, хто парушае рэжым самаізаляцыі.
Як гэта было, распавядае ўдзельнік – пінскі блогер Мікалай Клімовіч:
– Пад’ехала недзе чатыры нарады на дваццаць чалавек. Адзін нарад быў экіпіраваны: ў масках, шлемах, з дубінкамі. Мабыць думалі, што мітынг, які прыйдзецца разганяць, але гэтага нічога не было. Двух чалавек затрымалі нібы за тое, што парушылі рэжым самаізаляцыі, але ў нас у краіне няма каранціна. Задзейнічалі і медыкаў. Гэта такая нагода, скарыстацца складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, каб не дапусціць нейкіх акцый.
Пасля двух затрыманых адпусцілі з Пінскага ГАУС. У наступны раз неабыякавыя пінчукі абяцаюць выйсці на набярэжную горада ў нядзелю, 10-га траўня.
Беларускае Радыё Рацыя