Пінск: міліцыянты запрасілі спагнаць у якасці маральнай кампенсацыі каля 200 тысяч рублёў
З другой групы фігурантаў “пінскай справы”, якая складаецца з 12-ці пінчукоў, пацярпелыя па версіі следства міліцыянты ўжо запрасілі спагнаць у якасці маральнай кампенсацыі каля 200 тысяч рублёў.
Гэтая сума яшчэ можа павялічыцца. Праваабаронца Алесь Рамановіч гаворыць, што гэтыя позвы неабгрунтаваныя:
– Нават тыя, хто не атрымаў ніякіх пашкоджанняў, там можа які адзін сінячок, яны таксама просяць. І аргументуюць гэта тым, што атрымалі нейкую маральную шкоду. Пацярпелыя ў прынцыпе па сваіх службовых абавязках павінны быць падрыхтаваныя да такіх вось спраў. Па-другое, яны яшчэ атрымаюць і страхоўку. То бок, дзяржава ім аплачвае такія рызыкі. Гэтая позва, якую яны выставілі, проста не абгрунтаваная, на мой погляд.
У ходзе працэсу над першай групай фігурантаў “пінскай справы” звыш 70-ці сілавікоў запрасілі агульную суму кампенсацыі ў 530 тысяч рублёў, але па рашэнню суда гэтую лічбу скарацілі ўдвая.
Беларускае Радыё Рацыя