Пінск па-ранейшаму лідар па распаўсюду ВІЧ-інфекцыі



Пінск па-ранейшаму займае лідарства на Берасцейшчыне ў антырэйтынгу па колькасці распаўсюду ВІЧ-інфекцыі.

Ад пачатку года на Піншчыне выяўлена 35 новых выпадкаў, а ўсяго ў пінскім рэгіёне пражывае звыш 700 чалавек са станоўчым ВІЧ-статусам – гэта палова ад усёй вобласці.

Па словах нарколага, старшыні пінскай арганізацыі “Пазітыўны рух” Аляксандра Павяльчука, ВІЧ ужо даўно не з’яўляецца хваробай нарказалежных.

– Я пачынаў сваю працу, калі 80% быў ін’екцыйны спосаб перадачы, наркаманцскі. Зараз усё змянілася з дакладнасцю наадварот. Трэба проста весці агрэсіўную рэкламу бяспечных палавых адносін на ўсіх узроўнях. Што ВІЧ перадаецца палавым спосабам, што гэтая хвароба не толькі маладых, але і людзей ва ўзросце за 50. Любві ўсе ўзросты пакорны, і значыць СПІД усім узростам пакорны.

Суразмоўца дадае, што ў большасці людзей дагэтуль ёсць стэрэатып, маўляў ВІЧ – гэта справа тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця. Назіранні ж за апошнія пяць гадоў паказалі, што ў 70% выпадкаў – захворваюць звычайныя грамадзяне, – адзначае Аляксандр Павяльчук.

Беларускае Радыё Рацыя