Пінск рыхтуецца адзначыць 90-годдзе каталіцкай епархіі



Урачыстасці адбудуцца 27-28 кастрычніка. Іх кульмінацыяй павінна стаць адкрыццё касцёла святога Бенедыкта і святая імша ў саборы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Ужо адбылося асвячэнне крыжа для новапабудаванай святыні.

Былы касцёльны канцлер, спадарыня Роза, певедаміла, што дагэтуль захавалася мэбля, якая належыла заснавальнікам Пінскай каталіцкай епархіі і першаму беларускаму кардыналу:

–  Гэта гісторыя касцёла. Усе тыя шафы, сталы павінны доўга паслужыць. Яны звязаны з працай Лазінскага і Букрабы ў гэтай катэдры. І мы з павагай ставімся да іх рэчаў, да якіх і яны ў свой час беражліва ставіліся. Усё рабілі для касцёла, для сваёй парафіі.

90-годдзе Пінскай каталіцкай епархіі будзе спалучанае са 145-мі ўгодкамі першага пінскага біскупа Зігмунда Лазінскага, якога мясцовыя вернікі лічаць святым, хаця ў Ватыкане пакуль яшчэ трывае працэс беатыфікацыі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота katolik-gomel.by