Пінск рыхтуецца да абласных “Дажынак-2014”



Берасцейскі абласны аграрны фэст-ярмарка “Дажынкі-2014” адбудзецца ў Пінску праз месяц, 13 верасня. Пра гэта падчас працоўнага візіту ў сталіцу Палесся заявіў кіраўнік Берасцейшчыны Канстанцін Сумар. Ён адзначыў, што да 1 верасня павінны быць завершаныя ўсе працы, а астатнія дні неабходна выкарыстаць для дапрацоўкі і выпраўлення памылак, калі такія будуць выяўленыя.

Па-ранейшаму, галоўныя працы будаўнікі працягваюць у цэнтры Пінску, дзе разгарнецца свята хлебаробаў. Ужо адкрыта дарога, якая выводзіць транспарт у столінскім кірунку і падыходзіць да завяршэння рэканструкцыя жыллёвага фонду.

На думку пінскага актывіста Партыі БНФ Андрэя Кахнюка, высновы трэба будзе рабіць узімку альбо па вясне, калі ўсе перамены пройдуць выпрабаванне надвор’ем і часам:

– Спадзяюся, што не будзе працягу гісторыі тых гарадоў, дзе праходзілі Дажынкі, у прыватнасці Горак, дзе ўсё было зроблена ў спешцы, і ў выніку правальвалася плітка і калечыліся людзі. Хоць, на мой погляд, шмат лішніх укладанняў грошай не туды куды трэба.

Па інфармацыі Пінскага гарвыканкама, недахопы, зробленыя ў гарадах, дзе адбыліся Дажынкі, улічваліся і ў горадзе над Пінай. Працы выконваюцца якасна. Плануецца, што Пінск будзе мяняць сваё аблічча і пасля хлебаробчага свята.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя