Пінск святкуе 920-годдзе, а мусіць 1011 год?



Сталіца Палесся – Пінск – адзначае 920 годдзе. Да юбілею пачалі рыхтавацца летась, а першыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гадавіны, стартавалі сёлета ў лютым. Распрацавалі адмысловы лагатып “Пінск-920” і прыклалі намаганні па адраджэнні легендарнага фестывалю “Зоры над Пінай”. Як будзе далей з фэстам, паглядзьма, будзем спадзявацца, што з вяртаннем назвы вернецца і ўзровень, якасць музычнага свята.

З’явілася і шмат тэматычнай сувенірнай прадукцыі: паштоўкі, торбы, кубкі, налепкі, магніцікі і г.д. Усё выдатна, так мае быць, праўда па-беларуску амаль нічога няма, нібы горад з тысячагадовай мінуўшчынай недзе ў падмаскоўі, а не на беларускай зямлі.

Праўда цікавяць не ўсе гэтыя акалічнасці ўрачыстасцяў, а сам узрост Пінска. Размовы пра тое, што горад над Пінай старэйшы за афіцыйна прынятую дату – 5 лістапада 1097 года – упершыню загучалі напачатку 1990-х гадоў. А напрыканцы мінулага года тэма зноў паднялася і хвалямі актыўна абмяркоўваецца сярод пінчукоў, канешне, пераважна ў сеціве. Праўда, ёсць асобы, што маюць непасрэднае дачыненне да мясцовай адміністрацыі, якія таксама не згодныя з афіцыйна прынятай датай заснавання. Давайце ж разбярэмся.

Факты, якія гавораць пра тое, што Пінск даўно ў міленіуме

  1. Грамата Тураўскай епархіі за 1006 год. Упершыню яе апублікавалі ў “Археаграфічным штогодніку за 1964 год”. Грамата кажа нам, што па ўказанні князя Уладзіміра ў шэрагу сучасных беларускіх гарадоў, у тым ліку і ў Пінску, належала стварыць епархіяльнае прадстаўніцтва, а таксама наладжваць хрысціянскае жыццё. Абапіраючыся на ўзгаданы дакумент, у сапраўднасці якога няма сумневаў, Капыльскі раённы Савет дэпутатаў перанёс дату заснавання горада. У дэпутацкім рашэнні гаворыцца: “Лічыць датай заснавання горада Капыль першае пісьмовае згадванне аб Капылі – 1006 год”. Такім чынам, невялічкі населены пункт краіны дабавіў 268 гадоў, стаўшы старэйшым за Менск, Берасце, Магілёў і шэраг іншых буйных гарадоў краіны.

  2. Казанне пра Барыса і Глеба. Гэты старажытны дакумент літаратуры распавядае пра забойства сыноў князя Уладзіміра Хрысціцеля. У ім утрымліваецца інфармацыя, што ў 1015-1019 гадах рэзідэнцыяй кіеўскага князя Святаполка Акаяннага з’яўляўся Пінск.

  3. Пячатка князя Ізяслава Яраслававіча. Адным з цікавых артэфактаў, які захоўваецца ў фондах Музея Беларускага Палесся, з’яўляецца пячатка князя Ізяслава. Ён уладарыў пінскімі землямі ў 10540-1074 гадах, што на паўстагоддзя пазней за прынятую дату “Дня нараджэння Пінска”.

  4. Кніга “Пінску – 1000 гадоў”. Яе ў 1941 годзе ў Нью-Ёрку выдала тамтэйшае Пінскае габрэйскае таварыства. Выданне ўяеляе сабой паўнавартнасную энцыклапедыю па сталіцы Палесся: ад гісторыі да архітэктуры, апісанне звычаяў, моўных асаблівасцяў, традыцый і г.д. Аўтары выказалі тэорыю, што Пінск заснаваны як мінімум да 1005 года, у доказ сваёй версіі прыводзілі пісьмовыя крыніцы XI стагоддзя.

  5. Археолагі былі за “старажытнасць Пінска”. У 1990-х гадах гісторыкі-археолагі выказвалі меркаванне, што Пінск відавочна старэйшы, і трэба толькі глыбей капнуць, пашукаць таму пацверджанне. Магчыма, калі б такую задачу паставілі сабе ў гарвыканкаме, то знайшліся б доказы яшчэ большай старажытнасці горада над Пінай.

  6. Старажытны Пінск быў на ўзбярэжжы возера. Шэраг даследчыкаў трымаюцца версіі, што першапачаткова Пінск размяшчаўся на пагорках каля ўзбярэжжа возера ў вёсцы Гарадзішча (сучасны Пінскі раён). Гэта ў 10 кіламетрах на ўсход ад сённяшняга горада. За сябе гаворыць і назва вёскі. У археалогіі гарадзішчам называюць рэшткі былога ўмацаванага паселішча ў выглядзе валоў і ірвоў. Магчыма той Пінск знішчаны ў выніку нашэсця ворагаў, а, можа, жыхары знайшлі лепшае месца. Сюды наведваліся вікінгі. Тут знойдзены відэлец вікінгаў XI стагоддзя.

Чаму не гучыць ініцыятыва, каб змяніць дату першай узгадкі на 1006 год?

Сапраўды такой прапановы няма. Ёсць дыскусія, што Пінск старэйшы, і абмяркоўваюцца ўсе вышэй пералічаныя факты, але ўсё ж канкрэтнай ініцыятывы не паўстае. Хаця ўлетку сацыяльныя сеткі Пінска – групу ў Facebook “Во-первых я из Пинска…” – скалыхнула паведамленне, што нібы гарадскія ўлады маюць намер змяніць дату на больш раннюю. Маўляў, гэта зробяць пасля святкавання 920-годдзя. Ці праўда гэта, нейкіх доказаў не прагучала.

Няма сумневу, што ў Пінскім гарвыканкаме добра ведаюць і пра 1006 год, і пра пячатку князя Ізяслава, але ёсць свае „але”. Можа не хочуць вешаць на сябе дадатковую працу, ўсё ж, каб змяніць год заснавання, трэба прыкласці адпаведныя намаганні. Хтосьці мусіць кантраляваць і адказваць за гэты працэс. Акрамя таго трэба паўсюдна ўнесці змену ад інфармацыйнай прадукцыі да нейкіх аб’ектаў, дзе ёсць напамін пра “1097 год”.

Дарэчы, ёсць і такі варыянт сярод аматараў мінушчыны, скажам, кампрамісны варыянт. Пакінуць за аснову 1097 год, але ў кнігах пра горад, у нейкай друкаванай прадукцыі, пазначаць пра тое, што горад яўна старэйшы і тлумачыць на якой падставе існуюць такія думкі.

Навошта гэта ўсё трэба Пінску і пінчукам

Па-першае: справа гістарычнай справядлівасці. Сваіх каранёў не трэба цурацца. Мінуўшчына – гэта не толькі ўчора, а тое, якімі мы будзем заўтра, калі зробім правільныя высновы з гісторыі.

Па-другое: плюс да турустычнага патэнцыяла. Калі мы кажам, што развіццё турызма ёсць перспектыўным для Палесся, як ўсёй Беларусі, то не можа паўставаць пытання “Навошта?”.

Па-трэцяе: справа гонару. Не ведаю, як хто, але аўтару гэтых радкоў заўжды прыемна, калі ягоны родны горад у першых шэрагах, маючы на ўвазе станоўчыя рэйтынгі.

Беларускае Радыё Рацыя