Пінск: валанцёры дапамагаюць медыкам у змаганні з COVID-19



У Пінску, у межах дабрачыннай кампаніі па падтрымцы медыкаў у барацьбе з COVID-19, Цэнтр сацыяльных рашэнняў аказаў дапамогу Аддзяленню неданошаных дзяцей Пінскай дзіцячай бальніцы. Валанцёры перадалі: медыцынскія камбінезоны і фартухі па 30 штук, 200 пар пяльчатак, а таксама па 10 штук рэспіратараў ІІ класа і медыцынскіх шчыткоў.

Літаральна на днях будзе чарговая перадача сродкаў асабістай абароны ў Пінскую дзіцячую бальніцу, – паведаміў кіраўнік Цэнтра сацыяльных рашэнняў Уладзімір Гарох:

– Зараз патрабуецца дапамога Першаму педыятрычнаму аддзяленню дзіцячай бальніцы. Мы будзем збіраць дапамогу. Акажам падтрымку ў бліжэйшыя дні. Патрэбныя рэспіратары, аднаразовыя медыцынскія маскі, аднаразовыя хірургічныя халаты. На сённяшні дзень мы аказалі дапамогу Аддзяленню неданошаных дзяцей.

Да 20-га чэрвеня пінскі Цэнтр сацыяльных рашэнняў падоўжыў тэрмін акцыі па зборы ахвяраванняў на набыццё сродкаў абароны першай неабходнасці для медыцынскіх і сацыяльных устаноў Пінска. Падтрымку ў прафілактыцы і барацьбе з COVID-19 арганізацыя аказвае з пачатку красавіка.

Папярэднія вынікі кампаніі агучыў кіраўнік Цэнтра Уладзімір Гарох:

– На дадзеным этапе мы аказалі дапамогу на 1500 беларускіх рублёў. Калі казаць пра колькасць, то гэта тысяча шматразовых і аднаразовых масак, каля 70 рэспіратараў ІІ класа, а таксама шматлікія сродкі індывідуальнай абароны, як пяльчаткі, медыцынскія шчыткі і г.д. Сацыяльная праграма па падтрымцы пінскіх медыкаў працягваецца.

Уладзімір Гарох адзначае, што ў сённяшняй сітуацыі медыкі працуюць з неверагоднай аддачай і самаахвярнасцю. Таму такія акцыі дапамагаюць у цяжкай барацьбе з каронавіруснай інфекцыяй.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота dw.com