Пінск: Віктару Ярашуку далі 10 сутак
У Пінску незалежнаму журналісту Віктару Ярашуку прысудзілі дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту, але пасля ўступлення рашэння ў сілу. Таму журналіст падаў скаргу ў Берасцейскі абласны суд. Яго вінавацяць ва ўдзеле 13 верасня ў “Жаночым маршы”. Двойчы судовы працэс пераносілі.
Віктар Ярашук пракаментаваў прысуд:
– Вы ведаеце, што гэта нават цяжка сказаць пра вырак. Усе, хто ў зале знаходзіўся, чулі, што міліцыянт сказаў аб тым, што я там не ўдзельнічаў і сведка сказаў таксама. Відэа бачна, што я стаю там з боку. Гэта варта смеху. Было б так смешна, але ж не мяне аднаго вось так. Людзей невядома за што судзяць. Вось “падвесілі” і чакай, калі затрымаюць.
У Пінску ўжо каралі незалежных журналістаў. Андрэй Якімуш адседзеў дзесяць сутак, столькі ж далі Яўгену Мікалаевічу, але ён абскарджвае рашэнне пінскага суда ў абласным, таму пакуль вырак не набыў моцы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: media-polesye.by