Пінск зачышчаюць ад бадзяжных жывёлаў
Зачыстка Пінска ад бадзяжных жывёл перад “Дажынкамі-2014” – гэта яшчэ адзін крок да таго, каб гараджане зразумелі патрэбу ў стэрылізацыі сваіх чацвераногіх сяброў. Разам з тым, валанцёры заалагічнага руху асуджаюць брутальныя дзеянні камунальнікаў.
Раней адлоўленых жывёлаў трымалі пяць дзён і ўсыплялі, а цяпер не хапае часу, таму працэс ліквідацыі паскораны. Сітуацыя мае два бакі, кажуць абаронцы жывёл.
“Галоўную ролю адыгрывае чалавечы фактар. Бадзяжныя жывёлы – гэта адносіны грамадзян да братоў меншых”, – перакананы чалец праўлення Пінскага гарадскога дабраахвотнага аб’яднання “Абарона жывёл” Алена Рамановіч:
– Чалавек за іх адказвае, а яны апынуліся на вуліцы, яны адныя, ім халодна, яны галодныя. Для таго, каб насамрэч стэрылізацыя дала нейкі вынік – гэта павінен быць закон з абавязковым увядзеннем мараторыя на развядзенне беспародных жывёлаў, то бок абавязковая стэрылізацыя жывёлаў. Выкінутыя жывёлы на вуліцы – гэта ў асноўным жывёлы гаспадароў, некаторыя з якіх пасля прыжываюцца, далей жывуць, пладзяцца. Такую плынь спыніць вельмі цяжка.
Валанцёры заалагічнага руху заклікалі пінчан устрымацца на гэты тэрмін ад выпуску на вуліцу сваіх пітомцаў. У выпадку, калі жывёла не вярнулася дамоў, то адразу тэлефанаваць на дзяжурны тэлефон камунальнай службы.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя