Пінскага актывіста Руслана Гусейнава зноў пакаралі суткамі



У Пінску паплечнікі актывіста Руслана Гусейнава даведаліся, што ў аўторак, 29-га верасня, яго пакаралі дзесяццю суткамі. Актывіста затрымалі ў гарадской паліклініцы і асудзілі таемна.

Каб Гусейнаў меў магчымасць абскардзіць вырак, яму нанялі адваката, – гаворыць сябра “Руху “За Свабоду”, праваабаронца Алесь Рамановіч:

– Калі мінулы раз яго пасадзілі на пятнаццаць сутак, то ён хацеў абскардзіць, але ж ён знаходзіўся ў ізалятары і ў яго не было такой магчымасці. Зараз вырашылі наняць яму адваката і ён пойдзе да яго ў ізалятар. Людзі кажуць, што затрымалі яго дзесьці ў паліклініцы.

У жніўні Руслан Гусейнаў ужо адседзеў пятнаццаць сутак. Тады яго затрымалі 7 жніўня пасля выхаду з выбарчага ўчастка, дзе ён як назіральнік, сачыў за хадой датэрміновага галасавання.

Беларускае Радыё Рацыя