Пінская “Абарона жывёл”: Каб людзі ўсвядомілі, што існуе цяпер крымінальная адказнасць



Пінскія валанцёры заалагічнага руху праводзяць інфармацыйныя акцыі з мэтаю знаёмства гараджан з папраўкамі і зменамі ў Крымінальным кодэксу краіны за здзекі над жывёламі. Галоўнае, лічаць актывісты, каб больш грамадзян усвядомілі, што іх чакае пакаранне за нанясенне шкоды.

Кажа сябра праўлення Пінскага гарадскога дабрачыннага таварыства “Абарона жывёл” Алена Рамановіч:

– Уявіце 130-тысячны горад, кожны дзень тэлефануюць, забярыце – там кацяня, там сабака, выкладаюць у групе. Самае галоўнае, відаць, каб людзі самі пачалі адпаведным чынам ставіцца да сваіх хатніх жывёл, бо калі мы ўладкоўваем кацянят, сабачак, не заўсёды можна прасачыць, што з імі будзе далей. Па статыстыцы 70% хатніх жывёлаў з часам аказваюцца нікому не патрэбнымі.

Ад 28 студзеня ў Беларусі набылі моц папраўкі ў Крымінальным кодэксу за жорсткія адносіны ў дачыненні да жывёл. Цяпер грамадзяніна, які дазволіў сябе гвалт над жывёлай, чакаюць грамадскія працы, вялікі штраф альбо год зняволення.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя