Пінская арганізацыя інвалідаў-вазочнікаў зладзіла падарожжа ў вёску Дубае
На Піншчыне працягваецца праца па адаптацыі айчыннага турызму пад людзей з абмежаванымі магчымасцямі. З мінулага году Пінская міжраённая арганізацыя інвалідаў-вазочнікаў займаецца праектам па стварэнню ў турыстычнай сферы безбар’ернага асяроддзя.
У Пінскім раёне распрацавана 6 турыстычных маршрутаў па якіх людзі з абмежаванымі фізічнымі могуць здзейсніць вандроўку.
Каб праверыць гэта на практыцы, Пінская арганізацыя інвалідаў-вазочнікаў зладзіла падарожжа ў вёску Дубае, дзе ў свой час пабываў кароль Швецыі Карл ХІІ і кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Кажа адзін з ініцыятараў Валерый Цімакін:
— Вядома, цікава вывучаць сваю гісторыю, ведаць, хто мы такія і адкуль. Вывучаць сапраўдную гісторыю і вяртацца да вытокаў. Тут гісторыя якраз багатая і цікавая, ёсць на што паглядзець: дрэвы, парк. Тут засталася культура, якую мы згубілі. Тут мы можам ацаніць маштабы таго часу, якія людзі былі. Гэта цікава таму мы і ездзім, і будзем ездзіць яшчэ. Будзем шукаць грошы, бо ўсім гэта спадабалася і аказалася, не так складана.
У Дубае зроблены мост для інвалідаў-вазочнікаў, які дае магчымасць перасоўвацца па парку, шырокія дарожкі і інфраструктура, ў цэлым, адаптаваная пад людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Як адзначаюць удзельнікі падарожжа, на жаль, гэта пакуль выключэнне з правілаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота: pmo.by