Пінская справа: 12-ці жыхарам Пінска пагражае ад 3 да 8 гадоў турмы



Пінская справа. Чакаецца, што ўжо на гэтым тыдні пракуроры могуць агучыць тэрміны зняволення для другой групы фігурантаў, судовы працэс падыходзіць да завяршэння. Дванаццаці жыхарам Пінска пагражае ад 3 да 8 гадоў турмы за ўдзел у акцыі пратэсту ў першы паслявыбарчы вечар. “Другая група фігурантаў маральна менш падрыхтаваная, чым тыя пінчукі, якіх судзілі першымі”, – адзначае старшыня Пінскай арганізацыі сацыял-дэмакратаў Вераніка Іванова, якая бярэ ўдзел у паседжаннях:

– У параўнанні з першай групай яны больш разгубленыя. Калі першая група знаходзілася ў заключэнні досыць доўга, прайшоў працэс адаптацыі, яны вялі сябе больш смела, яны дэманстравалі сваю храбрасць, згуртаванасць. А тут людзі разгублены. Яны ў заключэнне былі не доўга. Да апошняга яны мелі ілюзіі, што не трапяць пад суд. Яны маральна падаўлены, разгублены, але вядуць сябе вельмі годна.

Іванова дадае, што хутчэй за ўсё пасля расправы над другой групай фігурантаў “пінскай справы” будзе яшчэ працэс і над трэцяй групай. Вядома, што ў Пінску працягваюцца пошукі актыўных удзельнікаў падзей 9-га і 10-га жніўня, гараджан працягваюць выклікаць на допыты.