“Пінская справа” нанесла ўдар і па мясцовых чыноўніках
“Пінская справа” нанесла ўдар і па мясцовых чыноўніках, адзначае праваабаронца Алесь Рамановіч. Ён упэўнены, што леташнія пінскія падзеі адбіліся і на кар’ерах мясцовых службоўцаў. Увесну сваёй пасады пазбавіўся старшыня гарадскога выканкама Іван Рэбкавец і міжраённы пракурор Руслан Краўчук. Па словах праваабаронцы, на фоне пратэстаў у краіне, Пінск вельмі адзначыўся:
– Пратэстовы рух быў па ўсёй Беларусі. Канешне, у Пінску ён больш прагучаў. Таму што ў нейкі час была, умоўна кажучы, такая перамога – міліцыянты адступілі, пахаваліся. Магчыма і гэта паўплывала на зняццё старшыні гарвыканкама. Не чуў, каб нейкія гучныя падвышэнні былі ў міліцэйскіх чыноўнікаў.
Пры гэтым Алесь Рамановіч дадае, што адстаўкі пінскіх чыноўнікаў аніяк не параўнальныя з лёсамі пінчукоў-палітвязняў. Ужо 24 жыхары Пінска асуджаныя на вялікія тэрміны з-за ўдзел у стыхійным мітынгу ўноч з 9-га на 10-га жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя