“Пінская справа” працягваецца
“Пінская справа” працягваецца. З’явілася інфармацыя пра новых фігурантаў, яе зараз удакладняюць мясцовыя актывісты.
Літаральна напрыканцы кастрычніка за ўдзел у стыхійным мітынгу ўвечары 9 жніўня ў Пінску асуджана яшчэ двое пінчукоў: Ілля Бохан атрымаў 3,5 гадоў зняволення, а Сцяпан Дрозд 4 гады. Яны таксама павінны сплаціць матэрыяльную кампенсацыю сілавікам, якія разганялі мітынг.
Грамадская дзяячка Вераніка Іванова, якая адсочвае лёс фігурантаў “Пінскай справы”, гаворыць, што апошні прысуд яшчэ больш выклікае пытанняў:
– Дзеянні іхнія, па маім меркаванні, малазначныя, таму што, у прыватнасці, Іллі Бохану ставіцца ў віну тое, што ён кінуў алюмініевую банку з-пад піва ў бок строю. І, як вынікае з матэрыялаў справы, ён не па кім не трапіў. То бок яна ляцела па траекторыі і звалілася на асфальт. І ён спрабаваў зламаць дрэва. І па паказаннях саміх жа работнікаў ЖКГ, ён яго не зламаў. Наша правасуддзе ацаніла гэта ў 3.5 гады.
Дзеянні Сцяпана Дразда таксама малазначныя, але тым не менш – 4 гады.
Цяпер па “Пінскай справе” ўжо асуджана 26 пінчукоў, тэрміны вагаюцца ад 3,5 да 6,5 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя