“Пінская справа”: У чэрвені варта чакаць працягу працэса над другой групай
У чэрвені варта чакаць працягу працэса па “пінскай справе” над другой групай затрыманых жыхароў Пінска. Пакуль праваабарончай супольнасці вядома аб васьмі затрыманых пінчуках напрыканцы сакавіка за ўдзел у мітынгу пад Пінскім гарвыканкамам уноч з 9-га на 10-га жніўня.
Па словах старшыні пінскіх сацыял-дэмакратаў Веранікі Івановай, частка ўжо азнаёмілася з матэрыяламі справы:
– Частка затрыманых азнаёмлена з матэрыяламі справы. Частка на сённяшні дзень знаёміцца. А тыя, хто ўжо азнаёміўся, знаходзяцца ў Баранавіцкім СІЗА. А тыя, хто яшчэ знаёміцца, неўзабаве за імі туды накіруюць, і яны будуць там знаходзіцца да таго моманту, пакуль справу не накіруюць у суд. Я лічу, што іх справа будзе таксама разгядацца Берасцейскім судом. Думаю, што да судовага разгляду ёсць паўтара – два месяцы.
Нагадаем, што 30 красавіка агучаць прысуды 14 пінчукам, якіх затрымалі адразу пасля мітынгу ў першую паслявыбарчую ноч. Дзяржаўныя абвінаваўцы запатрабавалі ім да шасці з паловай гадоў турмы ўзмоцненага рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя