“Пінская справа”: ёсць іншая версія – праўдзівая



Ляжэнка выламаў палку з лаўкі і нанёс ёю не менш за 10 удараў па супрацоўніках міліцыі… Гунько ўдарыў адзін раз рукою ў шчыт, потым вырваў з клумбы кветкі з каранямі і грунтам, “вырабіўшы тым самым прыладу злачынства”, і кінуў у сілавікоў… Рубец кінуў у шэраг міліцыянтаў жменю зямлі з клумбы і камень… Міхайлаў біў нагою ў шчыты… Салавей заклікаў дэмантаваць плітку… Гэта вытрымкі з абвінавачвання, якое зачытаў пракурор, на адрас 14-ці пінчукоў, якіх 23 сакавіка пачалі судзіць у Берасці па крымінальным артыкуле “масавыя беспарадкі”. Ім пагражае ад трох да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Гэтая гучная справа тычыцца падзей ночы з 9 на 10 жніўня ў Пінску. Паводле ўладаў і следства, грамадзяне хацелі захапіць гарадскі выканкам, чынілі беспарадкі, нанеслі розныя траўмы больш як сотні сілавікам, пашкодзілі транспартныя сродкі, а да таго знішчылі сметніцы, чатыры туі, 30 петуній, 110 аксамітак ды іншую маёмасць. Прычыненую шкоду ацанілі ў больш як 20 тысяч рублёў.

Але ёсць іншая версія – праўдзівая. У той дзень увечары жыхары Пінска накіраваліся да выбарчых участкаў дазнацца вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, але іх накіроўвалі ў гарвыканкам, маўляў, усе вынікі перадалі туды. Такім чынам людзі і пазбіраліся пад будынкам выканаўчага камітэта. На прапанову ўладаў, пяць прадстаўнікоў грамадзян пайшлі ў будынак “паразмаўляць”, астатнія мірна чакалі, пляскалі ў ладкі, смяяліся, нават перакідваліся словамі з міліцыянтамі, сярод якіх было шмат знаёмых. А ў гэты час мясцовыя ўлады пільна сцягвалі дадатковыя сілы праваахоўнікаў, пасля чаго людзей узялі ў кола, а людзі спрабавалі вырвацца з гэтага ачаплення, баронячыся ад узброеных сілавікоў.

Як вынік, 14 жыхароў Пінска ва ўзросце ад 19 да 46 гадоў апынуліся на лаве падсудных. Пасля затрымання іх моцна збівалі ў пастарунках, у калідорах стаялі лужыны крыві – сведчаць сваякі, якія ўчора спрабавалі ўпершыню за сем месяцаў пабачыць сваіх родных. Дарэчы, у выхадныя ў сацыяльных сетках Берасця прайшла інфармацыя, што пінчукам, родным падсудных, на час працэсу патрэбная дапамога з жыллём, і ўсяго за некалькі гадзін пытанне было вырашана. Неабыякавыя берасцейцы актыўна прапанавалі сваю дапамогу: нехта прапанаваў свабодную канапу, нехта пакой, іншыя могуць дапамагчы аплаціць здымную кватэру. Прыклад нармальнай чалавечай салідарнасці і ўзаемападтрымкі. Але таксама і прыклад таго, што ўсе і ўсё разумеюць, і хто вінаваты, і хто насамрэч парушаў законы.

Мяркуецца, што разгляд “пінскай справы” зойме каля двух тыдняў. А прозвішча суддзі – Яўген Брэган, варта яго запомніць. 

Яна Запольская, Беларуская Радыё Рацыя.