Пінскі блогер: Сплаціць штраф мне дапамаглі людзі
У Пінску неабыякавыя грамадзяне дапамаглі мясцоваму блогеру Мікалаю Клімовічу сплаціць штраф, якім яго пакаралі за ўдзел у акцыях пратэсту. Раней у пінчука судовыя выканаўцы канфіскавалі кампутарную тэхніку, але пасля своечасовай выплаты ўсё вярнулі.
“Такая падтрымка і салідарнасць вельмі абнадзейвае”, – адзначае Клімовіч:
– Мне дапамога была аказана, вялікі дзякуй людзям, якія мне дапамаглі. Я штраф цалкам аплаціў. Тое, што ў мяне было канфіскавана, мне ўсё вярнулі. Але тут мяне здзіўляе, што 3 снежня з аддзела па прымусовых пакараннях прыехалі да мяне і канфіскавалі аргтэхніку, але пісьмо з папярэджаннем, што ў мяне будзе канфіскавана маёмасць мне прыйшло праз дзень – 4 снежня.
Яшчэ напрыканцы верасня ў Пінску з’явілася валанцёрская група, якая дапамагае сем’ям палітвязняў, арганізоўвае харчовыя перадачы актывістам, якія адбываюць адміністрацыйны арышт і дапамагае гараджанам, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю.
Беларускае Радыё Рацыя