Пінскі палітвязень трапіў у санчастку у жодзінскай турме

Пінскі палітвязень трапіў у санчастку у жодзінскай турме. Перад гэтым ён правёў больш за 90 сутак у ШІЗА. Паведамляе Праваабарончы Цэнтр «Вясна». Ад Алега Рубца блізкія не атрымлівалі навін тры месяцы. І вось нядаўна пінчук выйшаў на сувязь. У сваім лісце родным ён напісаў, што моцна схуднеў, знаходзіцца ў санчастцы жодзінскай турмы №8. Прычыны трапляння ў санчастку ён не паведаміў. Даць нейкія тлумачэнні адмовілася і турэмная адміністрацыя на запыт сваякоў.
Алег у лісце таксама напісаў, што ў яго застануцца неадбытыя суткі ў ШІЗА, якія пасля санчасткі яму прыйдзецца дасядзець. Па дадзеных блізкіх, палітвязня ўжо вярнулі ў ШІЗА.
Алег Рубец у жніўні 2020 года быў 18-гадовым хлапчуком. Ноччу з 9 на 10 жніўня 2020 быў моцна збіты, затрыманы, з таго часу за кратамі. Асуджаны да 5 год 6 месяцаў калоніі. Шмат разоў змяшчаўся ў ШІЗА, затым у ПКТ, пасля пакаранне ўзмацнілі ды перавялі ў „крытую” турму.
Беларускае Радыё Рацыя
