Пінскі праваабаронца абскардзіць супраціў міліцыі



Пінскі праваабаронца, сябра Партыі БНФ Алесь Рамановіч абскардзіць рашэнне суда, які прызнаў яго віну ў непадпарадкаванні міліцыі падчас акцыі на пінскай плошчы 26 сакавіка.

Алесю Рамановічу прысудзілі 15 сутак за ўдзел у мерапрыемстве і 40 базавых нібыта за супраціў АМАПу.

Грамадскі актывіст кажа, што спрабаваў падаць скаргу яшчэ знаходзячыся ў пінскім ізалятары часовага ўтрымання:

– Я напісаў заяву пра тое, каб мне далі магчымасць наняць адваката. Начальнік ІЧУ сказаў, што адправіў заяву да адваката, але на гэтым усё скончылася і нічога не адбывался. Я паспрабую абскардзіць менавіта не свой удзел, бо я ў судзе часткова прызнаў, а тое, што я аказаў непадпарадкаванне.

Нагадаем, што 26-га сакавіка на плошчы Пінска сабраліся каля 60 грамадзян, каб выказаць салідарнасць з затрыманымі на Дзень Волі і супраць Дыкрэта №3.

Пасля пад пераслед трапіла 12 пінчукоў, з якіх трох акрамя штрафаў таксама пакаралі суткамі: Алесь Рамановіч, Ігар Салавей і Ігар Петрушкевіч.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя