Пінскія ўлады аб’явілі акцыю “Мой Пінск – любімы горад”



У Пінску да Дня горада мясцовыя ўлады аб’явілі акцыю “Мой Пінск – любімы горад”. Яе сэнс у тым, каб аматары або прафесіяналы мастацкай справы ў любой тэхніцы зрабілі працу на гістарычную тэматыку. Магчымае параўнанне мінулага палескай сталіцы і сучаснага. Лепшыя творы змесцяць у Музей Беларускага Палесся, каб аздобіць і папулярызаваць гісторыка-культурную спадчыну. Аўтарка шэрагу гісторыка-краязнаўчых кніг па Пінску Таццяна Хвагіна адзначае, што паступова звяртаецца ўвага на патэнцыял грамадскасці:

– Вельмі шмат было такіх людзей, у якіх былі ідэі. Але яны ўрэшце рэшт вырашылі: не буду я звязвацца. Трэба, напэўна, мець нейкую і смеласць, і напор, і настрой адмысловы: маўляў, як бы на мяне не плявалі, як бы ў мой бок каменні не кідалі, але я пайду далей, бо гэта я раблю не для сябе, а раблю для горада, для гэтага рэгіёна, для той справы, якой займаюся.

Рэгістрацыя ўдзельнікаў у агульнагарадской акцыі працягнецца па 1-га верасня. Дзень горада ў Пінску святкуюць у першыя выходныя кастрычніка.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ditrib.by