Пінскія ўлады праігнаравалі ўгодкі выбітнага мастака
У Пінску ўлады адмовіліся на афіцыйным узроўні адзначаць 70-годдзе выбітнага беларускага мастака, педагога Яўгена Шатохіна, які быў сябрам Сойму КХП-БНФ “Адраджэнне”.
Яго паплечнікі зладзілі вечарыну памяці ў фармаце кватэрніка. Паглядзелі дакументальную стужку “Белы ветразь над Прыпяццю”, рэжысёра Уладзіміра Коласа. Стужка апавядае пра мастака ды яго ўласную яхту “Сакавік”, на якой ён разам з Генадзем Драздовым і Рыгорам Сітніцам здзяйсняюць падарожжа па Прыняці ў Чарнобыльскую зону.
“Мастак усіх здзіўляў, калі штогод пачынаў навігацыю па палескіх рэках”, – узгадвае актывіст Ігар Салавей:
– Штогод на працягу ўсяго лета Яўген Сяргеевіч абавязкова з сябрамі хадзіў па Піне пад ветразем, было шмат і самастойных выхадаў па некалькі дзён. Ён быў закаханы ў мора, шмат часу траціў на вывучанне адпаведнай літаратуры і перадаваў свой досвед сябрам. Кіраваць яхтай пад ветразем вельмі цікава, гэта дзіўнае захапленне, якое з ранніх гадоў адкрыў для сябе Яўген Сяргеевіч. Невядома што ён любіў больш, мора ці мастацтва.
Яўген Шатохін зрабіў значны ўнёсак у папулярызацыю роднага Пінску і Беларусі праз мастацтва. Ягоныя творы, якія адлюстроўваюць прыгажосць Палесся, беларускага наваколля і мінуўшчыны, знаходзяцца ў Польшчы, Украіне, Чэхіі, Францыі ды Злучаных Штатах Амерыкі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя