Пінскія ўлады праз улёткі звярнуліся да грамадзян



У Пінску мясцовыя ўлады праз улёткі звярнуліся да грамадзян. Абвесткі расклееныя пры ўваходзе ў пад’езды шматпавярховікаў.

Падрабязанасці перадае наш карэспандэнт Пятро Савіч:

– Ва ўлётках Пінскі гарадскі і раённы выканаўчыя камітэты даводзяць інфармацыю, што ў Сеціве з’яўляюцца прызывы да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах і масавых беспарадках, якія нясуць пагрозу жыццю і здароўю людзей. Гаворыцца пра намер правакатарамі чыніць пагромы і ставіць пад пагрозу грамадскую бяспеку.

Асабліва пінскія ўлады просяць бацькоў і ўсіх дарослых, каб яны не пускалі на мітынгі дзяцей. Увогуле, пінчукоў заклікаюць устрымацца ад удзелу ў будзь-якіх несанкцыянаваных мерапрыемствах.

Верагодна, што гэта рэакцыя чыноўнікаў на падзеі ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня. Тады адбылася сутычка каля будынка гарадскога выканаўчага камітэта паміж пратэстоўцамі і міліцыянтамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск