Пінскія журналісты Віктар Ярашук і Андрэй Якімуш адпушчаныя на волю



 Затрыманыя журналісты з Пінска (Берасцейская вобласць) Віктар Ярашук і Андрэй Якімуш адпушчаныя на волю, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

Раніцай 19 сакавіка прэс-служба БАЖ са спасылкай на галоўнага рэдактара сеткавага выдання Media-Polesye Святлану Гарду паведаміла, што пінскія журналісты перасталі выходзіць на сувязь.

Відэакарэспандэнт Media-Polesye Якімуш паспеў паведаміць калегам, што ў 6.30 да яго пачалі ламацца невядомыя. Неўзабаве ён перастаў адказваць на званкі. Затым стаў недаступны тэлефон журналіста-фрылансара Віктара Ярашука. Паведамлялася, што раней абодва адбывалі адміністрацыйны арышт паводле арт. 23.34 ранейшай рэдакцыі КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).

Пазней высветлілася, што ў Ярашука і Якімуша правялі вобшукі, абодвух забралі сілавікі.

belapan.by