Піва з Пуціным на этыкетцы насцярожыла беларускіх памежнікаў



Аўтобус з беларусамі затрымалі на памежным пункце “Макраны” ўкраінска-беларускай мяжы з-за піва з выявай Пуціна на этыкетцы.

piva_Pucin

Заўзятары вярталіся дамоў з футбольнага матча Украіна-Беларусь, які праходзіў у Львове.

Піва, якое прысвечанае Уладзіміру Пуціну, звычайна можна набыць у краме, але гэта не стала аргументам для беларускіх памежнікаў і мытнікаў.

“Сітуацыя з затрыманнем на мяжы выглядала як цалкам абсурдная і бязглуздая”, – адзначыў адзін з пасажыраў аўтобусу Юрась Карэтнікаў:

– Першы раз прайшлі дагляд, усё было нармальна, не было ніякіх пытанняў. Селі ў аўтобус. Пасля зноў людзей патурбавалі, зноў выклікалі з рэчамі на агляд. Было бачна па саміх гэтых мытніках, што выконваюць нейкі бязглузды загад. Дасталі з рэчаў піва, якое свабодна прадаецца ў Львове, паставілі яго на стол і папрасілі тых людзей, хто ўладальнік гэтага піва стаць асобна. Сітацыя выглядала цалкам абсурдна. Людзі былі абураныя.

Толькі пасля таго, як пасажыры аўтобуса патэлефанавалі на гарачую лінію Дзяржаўнага памежнага камітэту, супрацоўнікі памежнага пункту сфатаграфавалі бутэлькі з півам, выбачыліся перад затрыманымі заўзятарамі і адпусцілі іх.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя