Планы мерапрыемстваў па прафілактыцы каронавіруса зацверджаны ў Гародні і Берасці



У Гародні рашэннем гарвыканкама зацверджаны план мерапрыемстваў па прафілактыцы і зніжэнні распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых каронавірусам, паведамілі БЕЛТА ў Гарадзенскім гарвыканкаме.

Асноўныя палажэнні плана прадугледжваюць, у прыватнасці, персанальную адказнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый па недапушчэнні да працы супрацоўнікаў з прыкметамі рэспіраторных інфекцый, а таксама работнікаў, якія прыбылі з-за мяжы да заканчэння іх тэрміну самаізаляцыі. У арганізацыях усіх форм уласнасці не менш за адзін раз у суткі трэба праводзіць вільготную ўборку з выкарыстаннем дэзсродкаў і максімальна часта праветрываць памяшканні. Акрамя таго, неабходна забяспечыць агульнадаступныя месцы дазатарамі з антысептыкамі, вадкім мылам, а пры неабходнасці сродкамі індывідуальнай абароны.

„Рэкамендавана максімальна абмежаваць колькасць работнікаў у змену, а таксама размежаваць патокі пры двухзменным рэжыме работы. Забараняецца наведванне староннімі асобамі вытворчых і бытавых памяшканняў”, – адзначылі ў Гарадзенскім гарвыканкаме.

Службам ЖКГ рэкамендавана часцей праводзіць уборку памяшканняў агульнага карыстання ў шматкватэрных дамах з выкарыстаннем мыйных і сродкаў дэзінфекцыі.

Будзе працягнута дэзінфікуючыя апрацоўка салонаў грамадскага транспарту і памяшканняў вакзалаў. Маскамі, пальчаткамі, антысептыкамі павінны быць забяспечаны вадзіцелі.

Наяўнасць медыцынскіх масак, аднаразовых пальчатак цяпер абавязкова для работнікаў гандлю. У гандлёвых аб’ектах рэкамендуецца захаванне сацыяльнай дыстанцыі не менш аднаго метра. У аб’ектах грамадскага харчавання сталы просяць размяшчаць на адлегласці не меней 1,5 м.

У горадзе адмяняюцца выставы, прэзентацыі, кірмашы і іншыя мерапрыемствы ў закрытых памяшканнях. Абмяжоўваюцца спартыўныя, культурныя, відовішчныя і іншыя мерапрыемствы. Прыпыненая дзейнасць дыскатэк, абмежаваная праца спартыўных і фітнес-залаў, чытальных залаў, бібліятэк. Забаронена курэнне кальяна ў аб’ектах грамадскага харчавання.

„Бацькi маюць права самастойна вырашаць пытанне наведвання дзецьмі дашкольнай установы і школы. У дзіцячым садзе за дзіцем захоўваецца месца і не спаганяецца плата за наведванне”, – распавялі ў Гарадзенскім гарвыканкаме. Абмяжоўваецца удзел дзяцей у масавых мерапрыемствах, экскурсійных паездках.

Для ўстаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі рэкамендавана скарэктаваць лекцыі і выкарыстоўваць іншыя формы заняткаў. Наведваць студэнцкія інтэрнаты староннім забаронена.

Рэлігійным арганізацыям рэкамендавана скараціць масавыя набажэнствы.

„Меры будуць дзейнічаць да змены эпідэміялагічнага становішча”, – дадалі ў Гарадзенскім гарвыканкаме.

Берасцейскі аблвыканкам таксама рэкамендаваў арганізацыям гандлю і грамадскага харчавання комплекс мерапрыемстваў па прафілактыцы ўзнікнення і распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі. Дакумент апублікаваны на афіцыйным сайце аблвыканкама.

zviazda.by