План Пятра Парашэнкі: парк сонечнай энергетыкі ў Чарнобылі



Чарнобыльскую катастрофу згадваюць і ва Украіне. Праўда, сёлета гэтыя згадкі абмежаваліся хіба што зваротам прэзідэнта і прэм’ер-міністра; ніякіх маштабных акцый ва ўкраінскай сталіцы не чакаецца.

Агульная танальнасць звароту Пятра Парашэнкі традыцыйная для чарговай чарнобыльскай даты: “аварыя назаўсёды застанецца ранай”, “ніколі не забудзем”, “не павінна паўтарыцца”.

Але ў сёлетнім звароце ўкраінскага прэзідэнта ёсць і навацыі: Пётр Парашэнка заклікае ператварыць Чарнобыльскую зону ў “тэрыторыю зменаў”. У прыватнасці, гаворка вядзецца пра “парк сонечнай энергетыкі”, які мае быць створаны на тэрыторыі пасёлка Прыпяць. Паводле Пятра Парашэнкі, тэхнічнае абгрунтаванне на сусветным узроўні сведчыць пра магчымасць падобных планаў.

Праўда, ніякай канкрэтыкі пра будучы “парк сонечнай энергетыкі” ў звароце Пятра Парашэнкі няма.

Нагадаем, што яшчэ ў 2016 годзе на двух трацінах “зоны адсялення” з украінскага боку створаны Чарнобыльскі радыяцыёна-экалагічны біясферны запаведнік.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: сайт прэзідэнта Украіны