Пнеўманіі – гэта галоўнае ўскладненне каронавірусу



«Спадзяванні на прэпараты супраць ВІЧ пры тэрапіі каронавірусу сябе не апраўдалі», – заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску галоўны пазаштатны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Карпаў.

Адказваючы на пытанні журналістаў, спецыяліст распавёў пра асноўныя ўскладненні ад каронавіруснай інфекцыі:

– Пнеўманія і ўскладанні пнеўманіі, дыхальная недастатковасць, якая ўзнікае, – ляжыць ключавым момантам у падыходах да лячэння і разумення тых ускладненняў, якія ўзнікаюць. Нялёгачныя ўскладненні ўзнікаюць значна радзей. Хочацца сказаць пра сардэчныя ўскладненні, аб развіцці вострай ныркавай недастатковасці ў дадзенай катэгорыі пацыентаў. І так званы сіндром поліарганнай недастатковасці, калі функцыянальныя парушэнні ёсць з боку розных органаў і сістэм у такіх пацыентаў.

Ігар Карпаў адзначыў, што беларускія медыкі арыентуюцца на рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і на сёння лепшыя вынікі паказвае тэрапія з выкарыстаннем хлорахіну ў спалучэнні з азітраміцынам. Паводле інфармацыі на 22 красавіка, у Беларусі зафіксавана 7.281 выпадак заражэння каронавірусам, памерлі 58 чалавек.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя