Побач з аварыйным мостам навядуць пантонную пераправу
Найбліжэйшым часам сіламі Міністэрства абароны і Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС побач з аварыйным мостам праз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці будзе наведзеная пантонная пераправа, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
9 снежня на месца прыбыў намеснік прэм’ер-міністра — старшыня Камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце міністраў Анатоль Калінін, які перад пачаткам пасяджэння штаба камісіі паведаміў журналістам, што прычынай разбурэння моста над Прыпяццю маглі стаць яго канструкцыйныя недахопы. Канчатковы вывад аб прычынах здарэння павінна будзе зрабіць спецыяльная камісія Мінтранса. Яна павінна таксама прадставіць высновы аб мерах па ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі. „Альбо будзе замененая пашкоджаная частка моста, альбо ён будзе абноўлены цалкам”, — сказаў Калінін.
Віцэ-прэм’ер даў даручэнне ўвесці ў эксплуатацыю наплаўны мост ужо ў сярэдзіне дня 10 снежня.
Тым часам ратавальнікі працягваюць аказваць дапамогу мясцовым жыхарам. Праз Прыпяць на лодках і катэрах МНС перавезены ўжо больш за 500 чалавек. На берагах ўстаноўленыя модульныя палаткі для абагрэву людзей. На месцы працуюць дарожныя службы, ДАІ, спецыялісты Міністэрства абароны.
7 снежня на мосце праз Прыпяць (уведзены ў эксплуатацыю ў 1985 годзе), размешчаным на 17-м км рэспубліканскай аўтамабільнай дарогі Р88 Жыткавічы — Давыд-Гарадок — мяжа Украіны (Верхні Церабяжоў), выяўленая трэшчына і вертыкальная прасадка ездавога палатна. З мэтай бяспекі спачатку забаранілі рух па мосце ўсіх відаў транспартных сродкаў, а затым і для пешаходаў.
realt.onliner.by