Побач з „Каменным Логам” запрацуе яшчэ адзін міжнародны пункт пропуску
З 17 лютага пункт пропуску «Лоша-Шумскас” на беларуска-літоўскай мяжы пачне працаваць у статусе міжнароднага, паведамляе Дзяржпагранкамітэт. Праз яго можна будзе кругласутачна перасякаць мяжу, але толькі на легкавым транспарце.
Дамоўленасці паміж Беларуссю і Літвой прадугледжваюць, што праз «Лошу-Шумскас” змогуць перасякаць мяжу толькі легкавыя аўтамабілі і мікрааўтобусы. Прапускаць грузавікі праз гэты пункт пропуску не будуць, як і пешаходаў. Акрамя таго, праз «Лошу-Шускас» можна будзе правозіць тавары толькі для асабістага карыстання.
Не зарэгiстраваны ў Беларусі транспарт прапусцяць праз Лошу толькі з пасведчаннем увозу на транспартны сродак. Калі такой паперы не будзе, машыну адправяць у іншыя міжнародныя пункты пропуску для яе афармлення.
Нагадаем, цяпер у Лошы працуе спрошчаны пункт пропуску, праз які трапіць у Літву могуць толькі жыхары памежжа. У Дзяржпагранкамітэце ўпэўненыя, што міжнародны статус гэтага пункта пропуску дазволіць разгрузіць «Каменны Лог», які знаходзіцца ў 20 км ад Лошы.