Подпісы ў абарону законнага доступу да ракі Мухавец занеслі ў выканкам



Больш за паўтары тысячы подпісаў у абарону законнага доступу грамадзян да 10-кіламетровай зоны ракі Мухавец занеслі ў Берасцейскі абласны выканаўчы камітэт прадстаўнікі ініцыятывы „Народны рэферэндум” разам з патэнцыйнай кандыдаткай на пасаду прэзідэнта Таццянай Караткевіч.

Некалькі аркушаў подпісаў было таксама сабрана на цэнтральных вуліцах горада. Таццяна Караткевіч паразмаўляла з жыхарамі і паабяцала паўплываць на вырашэнне пытання ў пазітыўны бок. Караткевіч лічыць, што ёсць надзея на тое, што праблема вырашыцца на карысць жыхароў:

Ніхто не адмовіўся, людзі былі вельмі адкрытыя, пазітыўныя ўражанні ад людзей. Дарэчы, супрацоўнік абласного выканкаму пайшоў насустрач, ён не падпісаўся, вядома, але яго памочніца запісала на прыём да кіраўніка вобласці.

 Актывісты разам з рыбакамі і жыхарамі тэрыторый блізу ракі Мухавец амаль год змагаюцца супраць перадачы ў арэнду прыватнай фірме прыроднага рэсурсу. Згодна Канстытуцыі, да ракі павінны мець доступ усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя