Подпісы з анлайн-петыцыі супраць Дэкрэта №3 перадалі на разгляд
У Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі прынялі да разгляду подпісы з анлайн-петыцыі супраць Дэкрэта №3.
Ініцыятар кампаніі па зборы подпісаў за скасаванне так званага Дэкрэта „Аб дармаедах” на інтэрнэт-платформе zvarot.by Андрэй Стрыжак заўважае, што ў адпраўнікоў засталіся не лепшыя ўражанні ад камунікацыі з чыноўнікамі:
– У нас была размова з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта наконт нашага звароту. Яны даволі скептычна паставіліся да таго, што ён быў пададзены. Гэтая размова была не з самых прыемных. Але, тым не менш, яны сказалі нам, што гэтыя подпісы будуць разгледжаныя ў адпаведнасці з Законам “Аб зваротах грамадзянаў”.
Анлайн-петыцыю за скасаванне Дэкрэта №3 падпісалі амаль 25 тысячаў чалавек за 2 тыдні. Далучыцца да кампаніі па зборы подпісаў можна да 17 лютага ў менскім і рэгіянальных прадстаўніцтвах незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель