Полацкай “Адвакацыі” адмаўляюць у арэндзе памяшкання



Заснавальнік установы “Адвакацыя. Цэнтр інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна  ўразлівых груп насельніцтва” Мікалай Шарах атрымаў папярэджанне, што з 15–га жніўня з ім касуюць дамову арэнды. 

Адрас арандаванага памяшкання з’яўляецца юрыдычным адрасам установы, і праз гэта паўстаюць праблемы, тлумачыць заснавальнік:

– Па законе, юрыдычны адрас установы запісаны ў статуце. І калі змяняецца юрыдычны адрас, то на працягу 10-ці дзён я павінен паведаміць пра гэта ў рэгіструючы орган пра змену адраса. Калі я гэтага не  зроблю, то гэта будзе падставай для закрыцця ўстановы.

Мікалай Шарах адзначае, што абвешчаная яму падстава для скасавання домовы арэнды – змена ўласніка памяшкання – не з’яўляецца законнай. Таксама пра адмову ў арэндзе яго мусілі папярэдзіць за месяц, а зрабілі гэта пазней. Заснавальнік “Адвакацыі” мяркуе, што знайсці іншае памяшканне будзе праблематычна, калі арэндадаўцам будзе дадзены загад “зверху” не заключаць з ім дамовы.

14-га ліпеня ў памяшканні ўстановы быў праведзены ператрус і забраная аргтэхніка, ператрус прайшоў і ў доме Міколы Шараха. На ягоную думку, сілавікі будуць шукаць у кампутарах і тэлефонах нейкія адзнакі датычнасці да незаконнага фінансавання масавых пратэстаў праз дзейнасць “Адвакацыі” і „Свабоднага прафсаюзу беларускага”, якім кіруе Мікола Шарах. Ён катэгарычна абвяргае такія падазрэнні, бо незалежны прафсаюз займаўся выключна абаронай правоў працоўных, а ўстанова “Адвакацыя” – вырашэннем праблем грамадзянаў, якія  не маюць магчымасці плаціць вялікія грошы дзяржаўным юрыстам і адвакатам.

Беларускае Радыё Рацыя