Полацкі райвыканкам змагаецца з каронавірусам. Але гэта сакрэт?



У сацыяльнай сетцы “ВКонтакце” апублікавалі пералік захадаў, якія будуць ужывацца ў горадзе дзеля прафілактыкі распаўсюду каронавіруса і вострых рэспіраторных захворванняў. Але на афіцыйным сайце Полацкага райвыканкама яго не размясцілі.

Дакумент утрымлівае 21 пункт, дзе пералічаны папераджальныя захады, але самы першы – гэта “працягваць інфармацыйна-тлумачальную працу з насельніцтвам”, і адказны тут ідэалагічны аддзел райвыканкама. Далей збольшага прадубляваны аналагічны план, распрацаваны віцебскім гарвыканкамам, які быў апублікаваны ўчора. Гэта патрабаванні мець сродкі дэзінфекцыі ў гандлёвых памяшканнях для пакупнікоў, працягваць дэзінфекцыю ў грамадскім транспарце, забараніць наведванні інтэрнатаў староннімі асобамі, адмовіцца ад правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, рэкамендаваць студэнтам і навучэнцам знаходзіцца па месцы навучанне – не ездзіць дахаты на выходныя. Адзінае адрозненне ад віцебскага плана – гэта патрабаванне спыніць працу дыскатэк, начных клубаў, боўлінгу ды іншых забаўляльных установаў.

Што да становішча з каронавірусам, то вядома, што 19 полацкіх супрацоўнікаў аддзела па надзвычайных сітуацыях знаходзяцца на каранціне, у аднаго з іх тэст даў станоўчы вынік, і яго змясцілі ў Віцебскую інфекцыйную лякарню.

Афіцыйна абвешчана, што 1 сакавіка ў Полацк прыедзе міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік, які правядзе асабісты прыём.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск