Полацкіх прафсаюзных актывістаў працягваюць дыскрэдытаваць
За спробу арганізаваць забастоўку на ААТ “Полацак-Шкловалакно” працягваюць дыскрэдытаваць полацкіх актывістаў Свабоднага прафсаюза.
Міколу Шараха і Віктара Стукава спрабавалі дыскрэдытаваць спачатку з дапамогай фэйкавых старонак у сацыяльных сетках і на YouTube з дапамогай паклёпніцкага відэароліка з выкарыстаннем сюжэта тэлеканала “Белсат” пра дзейнасць незалежнага прафсаюза. А цяпер з’явіліся абразлівыя лістоўкі ў адрас прафсаюзных актывістаў на прыпынках грамадскага транспарту каля прадпрыемства “Полацак-Шкловалакно”.
Але паводле Міколы Шараха, ад спробы правесці забастоўку яны не адмаўляюцца, хоць суд першай інстанцыі ім гэта забараніў рабіць. Сёння, 12 снежня, разглядаецца іх касацыйная скарга на гэты конт у суд вышэйшай інстанцыі.
— Мы гэтую працэдуру забастоўкі хочам вывесці ў прававое поле і зрабіць яе нармальнай працэдурай. Гэта зброя работнікаў. Ва ўсім свеце работнікі бастуюць і дабіваюцца патрэбных для іх змен і заробку, і умоў працы. Я лічу, што з часам і ў Беларусі гэта стане нармальнай справай. Проста мы цяпер ідзем першымі і спрабуем зрабіць тое і паказаць, што па гэтым заканадаўстве зрабіць такое немагчыма. Проста трэба мяняць заканадаўства і рабіць нармальныя ўмовы, бо свае правы працоўныя маюць абараняць самі.
Паводле Міколы Шараха, гэтыя танныя метады і брудны паклёп, які распаўсюджваюць невядомыя, наўрадці паўплываюць на іх рэпутацыю сярод работнікаў прадпрыемства ААТ “Полацак-Шкловалакно”. Яны з Віктарам Стукавым там адпрацавалі па трыццаць год, і шмат людзей іх ведае асабіста.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя