Полацкія ўлады не хочуць рэгістраваць грамадскую ўстанову  для падтрымкі  “дармаедаў”



Палачанін Мікола Шарах дайшоў да Віцебскага абласнога эканамічнага суда, каб аспрэчыць рашэнне Полацкага райвыканкаму не рэгістраваць установу “Адвакацыя. Цэнтр інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна  ўразлівых груп насельніцтва”.

Падчас судовага разбору прадстаўнікі ўладаў назвалі прычыну нерэгістрацыі, якую  заснавальнік лічыць беспадстаўнай.  

Нібыта ўладальнік юрыдычнага адрасу якраз на наступны дзень пасля падачы дакументаў сам патэлефанаваў у выканкам і паведаміў, што адмаўляе Міколу Шараху. Заяўнік цвердзіць, што падрыхтаваў дакументы належным чынам, і ніякіх заўваг да яго не было.

– Установа рэгіструецца на працягу аднаго дня па заяўным прынцыпе: трэба толькі скласці дакументы і звярнуцца ў выканаўчы орган, каб яны зарэгістравалі. Гэта іхны абавязак. І калі прымалі дакументы, іх дасканала правяралі, ніякіх прэтэнзій не было. Сказалі, што сёння ўсё зрабіць не паспеюць, каб я прыходзіў заўтра і атрымаў пасведчанне аб рэгістрацыі. Калі я прыйшоў заўтра, мне вярнулі заяву, на якой напісалі, што я парушыў заканадаўства. Таму рэгістрацыя не праведзена.

На думку Міколы Шараха, улады не хочуць рэгістраваць установу , бо яе мэта – гэта  юрыдычная і прававая падтрымка “дармаедаў”, людзей з нізкімі заробкамі або тых, чые працоўныя правы парушаюцца наймальнікам. Прававая непісьменнасць – гэта магчымасць трымаць работнікаў у паднявольным стане, лічыць заснавальнік. Каб супрацьстаяць гэтаму, дзейнасць установы была б вельмі запатрабаванай, лічыць Мікола Шарах.

– Мэта ўстановы – аказваць дапамогу людзям, якія апынуліся ў складанай сітуацыі і не маюць грошай, каб звярнуцца да адвакатаў. Складанне заявы ў суд як мінімум каштуе 100 рублёў, прыкладам. І чалавек, правы якога парушаны, не можа іх аднавіць праз тое, што не мае грошай нават звярнуцца ў суд. І дадатковая мэта – дапамагаць людзям атрымаць нейкую новую кваліфікацыі, каб маглі зарабляць дадтковыя грошы і пенсіянеры, і маці, якія гадуюць малых дзяцей, і тыя, хто страціў працу. Гэта было б вельмі запатрабавана.

Віцебскі эканамічны суд мае скончыць разбор сітуацыі па заяве Міколы Шараха супраць рашэння  Полацкага райвыканкаму да канца  гэтага месяца.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя