Дзень незалежнасці Польшчы (абноўлена)
Сувязь веры, традыцыі і культуры, а таксама мужнасці прывялі да адваявання незалежнасці Польшчы.
Такое меркаванне выказаў пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі нашаму радыё пра чыннікі Незалежнасці яго краіны сто адзін год таму:
– Незалежнасць заўсёды нараджаецца ў выніку вялікай колькасці чыннікаў. У выпадку Польшчы гэта былі мы – свядомыя сваіх амаль тысячагадовых дзяржаўніцкіх традыцый і, несумненна, знітаваныя з польскай мовай, з культурнымі традыцыямі, верай. Факт, што мы мелі шмат цудоўных паэтаў, музыкаў, мастакоў, якія нагадвалі свету пра тое, што Польшча існуе, што такі народ існуе. А таксама нагадвалі самім палякам, што нацыянальная супольнасць – ёсць натуральным домам. І гэта надзвычайна патрэбна, каб стварыць грамадскі лад і выканаць варункі нармальнага развіцця. Таксама, здаецца, што ў нашым выпадку – гэта была, перадусім, сувязь з традыцыяй, верай, культурай, але таксама мужнасць. Мужнасць выяўлялася ў тым, што колькі разоў грамадзяне былой Рэчы Паспалітай бунтавалі. Бунтавалі, і тут ведаем, што было Лістападаўскае паўстанне 1830-31 гадоў, у Беларусі гэта было паўстанне за незалежнасць у 1831-33 гадах. Студзеньскае паўстанне, названае тут, у Беларусі, паўстаннем Кастуся Каліноўскага. І гэта ўсё паказвала, што Польшча прагнула адваяваць вольнасць. І яшчэ адзін чыннік таксама выявіўся – менавіта спрыяльная міжнародная сітуацыя. Гэта таксама ёсць вельмі важным момантам. Пры розных вялікіх гістарычных падзеях мусіць быць унутраная воля, але таксама мусяць быць спрыяльныя міжнародныя акалічнасці.
Я маю вельмі шмат пазітыўных уражанняў ад побыту ў Беларусі. Паўтара года таму я трапіў сюды і ўбачыў вялікую зацікаўленасць з боку беларускіх партнёраў да дыялогу са сваім суседам, з Польшчай. Польшча хоча быць добрым суседам Беларусі. І разабраць наноў нашае суседства. Глыбей зазірнуць у нашае мінулае, дзе ёсць вельмі шмат супольных рэчаў, і ўсведамляючы гэта – будаваць сяброўскую будучыню. Бо той заклік да супрацы, як бачым, даходзіць да вялікай колькасці кантактаў у палітычнай сферы. Цяпер шмат людзей кантактуе ў сферы культуры і навукі. Ну й вядома, што цяпер штораз павялічваецца колькасць кантактаў паміж беларусамі і палякамі. І гэта з прычыны вялікай колькасці выдаваемых уязных візаў для беларусаў у Польшчу. Яны часта наведваюць наш край, а таксама дзякуючы таму, што Беларусь вырашыла пайсці на пэўныя лібералізацыйныя крокі, калі ходзіць пра сваю візавую палітыку, альбо як ведаем, магчымасць прыезду на месяц, без візаў, калі прыляцім у Менск. І цяпер, у лістападзе, будзе яшчэ павялічаны бязвізавы памежны рух у Гародні й Берасці. Гэта ўсё паказвае, што ёсць зацікаўленасць нашых супольнасцяў да бліжэйшых кантактаў, роўна, як і зацікаўленне ў сферы бізнесу. І я кажу гэта шматкроць і публічна, што калі перастаем перашкаджаць, застаемся верныя таму лекарскаму дэвізу: Primum no nocere (Перш – ніякае шкоды), то аказваецца, што патэнцыял і зацікаўленне з боку беларусаў і палякаў пашыраецца і ўзрастае. Так як у прыродзе: досыць троху сонца, троху дажджу і трава зялёная. І ўсё развіваецца. Таму мы цяпер у такім моманце, калі шмат пазітыву, я б так сказаў.
Уразілі мяне таксама стасункі беларусаў да нас, да палякаў. Яны вельмі прыязныя. Сустракаў шмат прыкладаў сімпатыі. Сярод інтэлігенцыі, сярод мастакоў, сярод вялікай колькасьці людзей, з якімі маю кантакты. Тое, што ёсць зараз, вельмі пазітыўнае. Безумоўна, ёсць і вельмі вялікія праблемы, якія мы ўсе ведаем, якія гадáмі існуюць. Але якія, маю спадзеў, у такой атмасферы вельмі дынамічнага дыялогу, знойдуць раней ці пазней, сваё вырашэнне.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
***
11 лістапада ў Польшчы адзначаецца Свята незалежнасці. У 1918 не толькі Польшча, але і іншыя народы абвясцілі сваю незалежнасць пасля развалаў імперыяў у час Першай сусветнай вайны.
Чаму акурат Польшчы, а не Украіне ці Беларусі, удалося яе ўтрымаць, тлумачыць беларускі гісторык Аляксандр Краўцэвіч:
– Польская дзяржава ўзнікла рэальна, абаранілася ад усіх, перамагла ў вайне з бальшавікамі. Заслуга першай Рэчы Паспалітай, той палітыкі контррэфармацыі, добраахвотнай паланізацыі шляхты ў ХVII-XVIII стагоддзях. Гэта нашчадкі той шляхты, якая ўжо ў канцы XVIII стагоддзя з усёй Рэчы Паспалітай, з Украінай, Беларуссю, Летувай, не толькі з Польшчай, адчувала сябе палякамі. Вось яны гэтую дзяржаву і стварылі.
101 гадоў таму Польшча аб’явіла дзяржаўную незалежнасць. Сёння ва ўсёй краіне праходзяць патрыятычныя ўрачыстасці.
Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
***
Польшча адзначае самае галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень незалежнасці. З гэтай нагоды сёння, 11 лістапада, польскі парламент змогуць наведаць усе ахвотныя.
З 10-ай ды 16-ай гадзіны можна будзе пазнаёміцца, у прыватнасці, з рознымі заламі ніжняй палаты парламенту. Даступныя для наведвальнікаў будуць нават тыя месцы, якія ў звычайныя дні закрытыя для свабоднага доступу.
Па словах Мікалая Калушкі з канцылярыі Сейму, выключнай падзеяй стане адкрыццё кабінета старшыні. Нельга забываць, што гэта месца, дзе працуе другая асоба ў дзяржаве.
У сваю чаргу, у вышэйшай палаце – Сенаце – наведвальнікі змогуць убачыць зал пленарных пасяджэнняў, фае, залы пасяджэнняў камітэтаў вышэйшай палаты, дзе захоўваюцца памятныя рэчы былых старшыняў.
Беларускае Радыё Рацыя