Польшча накіравала ў Беларусь запыт у справе акумулятарнага заводу



Калі інвестыцыя можа мець значны ўплыў на прыроду, то беларускі бок павінен пра гэта інфармаваць Польшчу.

У Берасці плануецца будова акумулятарнага заводу фірмы iPower, супраць будовы якой выступаюць жыхары гораду.

Беларусь падпісала транспамежную канвенцыю аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Згодна з ёй, калі інвестыцыя можа мець значны ўплыў на прыроду, то беларускі бок павінен пра гэта паінфармаваць Польшчу. Галоўнае ўпраўленне аховы навакольнага асяроддзя Польшчы ніякай інфармацыі на гэтую тэму не атрымала.

У гэтай справе Галоўнае ўпраўленне мае інфармацыю толькі ад Рэгіянальнага ўпраўлення ў Любліне, у якое звярнуліся звычайныя грамадзяне, выказваючы свае боязі ў справе будовы акумулятарнага заводу ў Берасці.

У сувязі з гэтым польскі бок накіраваў афіцыйнае пытанне аб планаванай будове заводу. Прэс-сакратар Галоўнага ўпраўлення аховы навакольнага асяроддзя Моніка Якубяк гаворыць, што, згодна з канвенцыяй, Польшча мае права абмеркаваць з суседзямі, ці гэтая інвестыцыя можа негатыўна ўздзейнічаць на Польшчу і жыхароў памежнай зоны.

Мэр Тэрэспаля Яцэк Данелюк чуў пра будову заводу, але не бачыць прычын для занепакоенасці.

Польскае Радыё