Польшча павялічвае дапамогу этнічным палякам за мяжой



Польшча дэкларуе яшчэ большую падтрымку этнічных палякаў. Новы закон «Аб карце паляка», прыняты Сеймам, прадугледжвае, што на працягу дзевяці месяцаў уладальнік карты паляка, які пераедзе ў Польшчу, будзе атрымліваць па 140 еўра ад дзяржавы. Таксама спрашчаецца працэдура атрымання польскага грамадзянства.

Змены ў законе каментуе старшыня Галоўнай рады непрызнаванага ўладамі ў Беларусі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс:

– Тыя змены, якія Сейм ухваліў адносна закона «Ад карце паляка», я думаю, што гэта звязана, канешне, са зменай увогуле сітуацыі ў свеце, а таксама адносінаў урада Польшчы да сітуацыі ў справе дапамогі палякам на Усходзе. Я думаю, што гэта важная і значная дапамога для палякаў не толькі з Беларусі, але і з краінаў былога Савецкага Саюза. Уладальнікі карты паляка цяпер будуць мець магчымасць хутчэй атрымаць грамадзянства Польшчы, цяпер яны без праблем змогуць прыехаць у Польшчу на сталае месца жыхарства.

karta-palaka

Міністэрства ўнутраных спраў чакае, што цягам дзесяці гадоў у Польшчу на сталае месца жыхарства пераедуць прыблізна 200 тысяч палякаў з-за мяжы. Новыя папраўкі таксама прадугледжваюць, што ў выпадку надзвычайных сітуацый палякі, якія жывуць за мяжой, будуць прыраўненыя ў правах да грамадзян Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя