Польшча ў 2017 годзе выдасць беларусам каля 400 тыс. віз
Польшча ў 2017 годзе выдасць беларусам каля 400 тыс. віз, паведаміў пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік на прэс-канферэнцыі ў чацвер у Менску.
Ён адзначыў, што „ці будзе віз столькі ж, як у мінулым годзе, або крыху больш, мы зможам дакладна сказаць літаральна праз два тыдні”.
Як нагадаў амбасадар, з 2016 года Польшча некалькі змяніла сістэму падачы заяў на атрыманне візы і іх выдачы. Візы можна атрымаць у консульствах Польшчы ў Берасці і Гародні, консульскім аддзеле амбасады ў Менску, 8 візавых цэнтрах, размешчаных у розных гарадах Беларусі, а таксама ў консульстве Латвіі ў Віцебску.
„Сістэма сама па сабе працуе нашмат лепш, чым раней, і візы сталі нашмат больш даступнымі”, – сказаў кіраўнік польскай дыпмісіі.
Паводле яго слоў, у частцы візавага пытання Польшча імкнецца ісці ў рэчышчы той тэндэнцыі, якая складваецца ў Беларусі. „Мы стараемся выдаваць ўсё больш шматразовых і доўгатэрміновых віз, і ўсё больш і больш адказваць на ўвесь візавы попыт, які з’яўляецца па ўсёй Беларусі”, – адзначыў К.Паўлік. „І гэта нас радуе”, – падкрэсліў пасол.
Фота БелаПАН