Польшча ўвяла спрошчаныя правілы працаўладкавання для беларусаў



З 1 студеня ў Польшчы ўступілі ў жыццё новыя правілы аб спрошчаным працаўладкаванні грамадзянаў Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Расеі ды Украіны. Быў уведзены новы тып сезоннага дазволу на працу.

Польшча змяніла заканадаўства, каб дастасаваць яго да патрабаванняў дырэктывы Еўразвязу аб сезонным працаўладкаванні асобаў, якія паходзяць з краін па-за Аб’яднанай Еўропы.

Сезонны дазвол дае магчымасць працаваць на польскім прадпрыемстве цягам 180 дзён у год. У такіх сектарах, як садаводства, сельская гаспадарка і турызм, працаваць можна будзе на працягу 270 дзён у год. Таксама з’яўляецца магчымасць прыняць замежніка на працу на некалькі сезонаў (на тэрмін да 3 гадоў).

Каб наняць грамадзянаў 6 постсавецкіх краінаў, працадаўцу дастаткова зарэгістраваць ва ўпраўленні працы павету заяву пра намер працаўладкавання замежніка, а затым выслаць гэтую заяву асобе, якую збіраецца прыняць на працу. Працадаўца павінен заплаціць збор за рэгістрацыю дакумента ў памеры 30 злотых (каля 7 еўра). На падставе заявы замежнік атрымае шэнгенскую візу альбо дазвол на пражыванне.

 
Фота shutterstock