Польшча з вясны адкрывае візавыя цэнтры ў Беларусі
Ужо з 1 сакавіка візавыя цэнтры запрацуюць у Менску, Гародні, Берасці ды Гомелі. Трапіць у візавы цэнтр, як і ў консульства, можна будзе толькі праз папярэднюю рэгістрацыю. Збор за сервісныя паслугі складзе 15 еўра. Пры тым, што шэнгенская віза для беларусаў па-ранейшаму каштуе 60 еўра. Кіраўнік консульскага аддзела амбасады Польшчы ў Беларусі Марэк Пэндзіх нагадаў, што польскія нацыянальныя візы і 25% шэнгенскіх выдаюцца беларусам бясплатна. А велічыня збору за шэнгенскую візу можа з часам скараціцца ў выніку перамоў між уладамі Польшчы і Беларусі.
– У 2015 годзе консульскія ўстановы Польшчы ў Беларусі агулам выдалі каля 400 тысяч візаў – шэнгенскіх і нацыянальных. Варта адзначыць значны рост колькасці шматразовых візаў. Мы выдалі такіх візаў амаль 270 тысяч. Вырасла колькасць і шматгадовых візаў.
Зніжэння ў попыце на візы ў польскім консульстве не заўважылі. Наадварот, паказчык гэтага лютага перавышае лічбу за люты 2015 года на амаль паўтары тысячы. Марэк Пэндзіх спадзяецца, што Польшча стане адным з найважнейшых кірункаў для беларускіх турыстаў і паломнікаў. Тым больш, што сёлета ў Кракаве пройдуць Сусветныя дні моладзі з удзелам Папы рымскага Францыска.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота krdblog.com