Польскаму ксяндзу Сабеславу Тамалу працягнулі дазвол служыць у Беларусі



Пробашчу парафіі святога Францішка ў Салігорску (Менская вобласць) польскаму ксяндзу Сабеславу Тамалу на паўгода працягнулі дазвол на ажыццяўленне рэлігійнай дзейнасці ў Беларусі, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юрый Санько.

Паводле яго слоў, 23 студзеня на адрас Менскай курыі факсам прыйшло адпаведнае апавяшчэнне з апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

На мінулым тыдні каталіцкі партал katolik.life паведаміў, што 31 студзеня ў ксяндза Тамалы мінаў тэрмін папярэдняга дазволу на служэнне ў Беларусі, а ў атрыманні новага дазволу яму адмовілі без тлумачэння прычын. З добраславення мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прыхаджане ініцыявалі збор подпісаў пад зваротам да ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніду Гулякі з просьбай працягнуць Тамалу дазвол на служэнне.

У лістападзе мінулага года з-за непрацягу дазволу на служэнне Беларусь быў вымушаны пакінуць пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ксёндз Павел Кнурак. 20 студзеня вернікі стварылі на інтэрнэт-платформе petitions.by петыцыю, у якой яны просяць Гуляку назваць прычыну, з-за якой ксяндзу Кнураку было забаронена служыць у Беларусі, а таксама перагледзець гэтае рашэнне.

Дэлегацыя каталіцкіх біскупаў Беларусі ўзняла праблему наяўнасці дазволу на служэнне для замежных святароў 1 лютага 2018 года на аўдыенцыі ў папы рымскага Францішка. Пасля сустрэчы з пантыфікам мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, што папа Францішак быў здзіўлены некаторымі праблемамі, з якімі сутыкаецца касцёл у Беларусі.

„Папа быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся, што 45 біскупаў, у тым ліку дзевяць кардыналаў, якія бралі ўдзел у пленарным пасяджэнні Савета канферэнцый біскупаў Еўропы [у кастрычніку 2017 года ў Мінску], таксама павінны былі атрымаць дазвол на служэнне святых імш. Гэта ж імідж краіны! Яму было цяжка гэта зразумець”, — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

У ліпені 2018 года Леанiд Гуляка, адказваючы на пытанні грамадзян падчас прамой тэлефоннай лініі, заявіў, што не лічыць патрэбным мяняць парадак выдачы святарам-замежнікам дазволаў на служэнне на тэрыторыі краіны.

belapan.by

Фота katolik.life