Польскі амбасадар сустрэўся з беларускімі журналістамі



Польшча і Беларусь збліжаюцца. Надзвычайны і паўнамоцны пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік сустрэўся з беларускімі журналістамі. Сустрэча была нефармальна прымеркаваная да заканчэння года.

Апошнім годам узаемныя дачыненні паміж дзвюма краінамі выразна палепшыліся, кажа амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік:

Расце наша актыўнасць, актывізаваліся і развіваліся нашы дачыненні на міжурадавым і міжпарламенцкім узроўні. Было праведзена некалькі сустрэч. Ёсць сферы, дзе мы намагаемся нарошчваць нашу супрацу, як, напрыклад, гандаль і інвестыцыі, эканамічны кампанент нашых дачыненняў. Ёсць сферы, дзе мы толькі закладаем фундамент, ставім першыя стартавыя кропкі. Напрыклад, галіна аховы здароўя. Упершыню міністр аховы здароўя Рэспублікі Польшча за ўсю гісторыю нашых суверэнных дзяржаў прыехаў толькі сёлета. Ёсць сферы, дзе мы вядзём добрую, пастаянную работу. Як, напрыклад, сфера культуры і нашай агульнай спадчыны, дзе праходзяць рэгулярныя сустрэчы і вядзецца рэгулярная супраца. У тым ліку такой галіной з’яўляецца трансгранічная супраца. Пастаянныя кантакты таксама важныя, бо яны спрыяюць рашэнню надзённых праблем, развіццю сумеснай інфраструктуры, у тым ліку на мяжы, і ажжыцяўленню канкрэтных планаў у будучыні.

Матэуш Адамскі, дырэктар Польскага інстытута ў Менску:

Я магу выказвацца перадусім пра польска-беларускія сувязі у галіне культуры, і на мой погляд яны вельмі дынамічна развіваюцца, хоць трэба сказаць, што ў апошнія гады яны былі даволі развітымі. Сфера культуры не была палітызаванай у нашых узаемаадносінах. Дзякуючы гэтаму мы маглі сумесна праводзіць шмат цікавых мерапрыемстваў, ажыццяўляць мноства цікавых праектаў. Таму, я б не сказаў, што сёлета заўважны нейкі пералом: гэта спакойнае, пастаяннае развіццё. Мяне перадусім цешыць факт развіцця непасрэдных сувязяў і кантактаў паміж установамі культуры, мастацтва ці вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Я часта паўтараю, што калі супрацоўніцтва наладжваецца непасрэдна, без дапамогі польскага інстытута ў Менску, гэта ідэальны варыянт. Наша мэта — развіваць і падтрымліваць сувязі. Чым больш яны спантанныя і непасрэдныя, тым лепш.

Афіцыйныя стасункі паміж урадамі Польшчы і Беларусі ў сыходзячым годзе відавочна палепшыліся. Таваразварот і ўзаемныя эканамічныя стасункі перажываюць параўнальны рост.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя